:

Палітычныя адносіны

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам устаноўлены ў жніўні 1992 года. За час развіцця ім былі ўласцівы як перыяды актывізацыі, так і астуджэння.

У сакавіку 1995 года ў г. Бруселі было падпісана Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве (СПС) паміж Беларуссю і ЕС.

Пасля па палітычных прычынах Еўрасаюз у аднабаковым парадку прыпыніў ратыфікацыю СПС і ўвёў супраць Рэспублікі Беларусь шэраг абмежавальных мераў, уключаючы забарону на кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, згортванне практычнага супрацоўніцтва ў розных галінах, а таксама візавыя абмежаванні ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб.

У 2008–2010 гадах паміж Беларуссю і ЕС вёўся актыўны дыялог аб пошуку шляхоў нармалізацыі адносін. У выніку ЕС часткова прыпыніў раней уведзеныя абмежаванні. У г.Мінску адкрыта Прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцяў (са снежня 2009 года — Прадстаўніцтва ЕС). У 2009 годзе Беларусь стала краінай-удзельніцай ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства» (УП).

Разам з тым у 2011 годзе з прычыны палітызаванай, крытычнай ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2010 года і паслявыбарных падзеяў Еўразвяз аднавіў і пашырыў дзеянне візавых санкцый. Былі ўведзены абмежаванні на фінансавыя аперацыі з шэрагам беларускіх прадпрыемстваў і забарона на пастаўку ў Беларусь некаторых тавараў і паслуг вузкаспецыяльнага прызначэння.

У канцы 2012 года кантакты высокага ўзроўню паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, еўраструктур і краін-членаў ЕС аднавіліся. На працягу 2013-2015 гадоў Еўрасаюз часткова скараціў санкцыйныя спісы беларускіх фізічных асоб і кампаній.

У 2016 годзе ў адносінах Беларусі і ЕС адбыліся значныя пазітыўныя зрухі. ЕС адмяніў усе санкцыі супраць беларускіх кампаній і звёў да мінімуму круг фізічных асоб, якія застаюцца пад імі. У 2017-2018 гадах з зброевага эмбарга ў дачыненні да Беларусі ЕС выключыў спарціўную стралковую зброю і боепрыпасы.

У 2016 годзе заснавана Каардынацыйная група Беларусь-ЕС — новы фармат структураванага комплекснага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Удзел у пасяджэннях рэгулярна прымалі прадстаўнікі профільных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. У перыяд з 2016 па 2019 гады ў рамках інтэнсіфікацыі палітычных кантактаў паміж Беларуссю і ЕС адбыліся візіты ў нашу краіну шэрагу еўракамісараў.

8 студзеня 2020 г. у г. Бруселі з удзелам Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея адбылася працэдура падпісання пагадненняў з ЕС аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Ратыфікацыя дакументаў завершана бакамі вясной 2020 года, і яны ўступілі ў сілу з 1 ліпеня 2020 г.

 

Разам з тым Еўрапейскі саюз не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ад 9 жніўня 2020 года. Бруселем ўведзены новыя абмежаванні на кантакты з нашай краінай, уключаючы незаконныя з пункту гледжання міжнароднага права санкцыі ў дачыненні да шэрагу прыватных асоб і суб'ектаў гаспадарання. Еўракамісія прыпыніла фінансаванне праграм тэхнічнай дапамогі, працу Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС. Паніжаны ўзровень палітычнага дыялогу. Беларуссю ў якасці меры ў адказ ўведзена забарона на ўезд асобным катэгорыям еўрапейскіх палітыкаў.

У 2021-2022 гадах каб нанесці эканамічны ўрон нашай краіне ЕС увёў таксама сектаральныя абмежавальныя меры, якія не адпавядаюць міжнароднаму праву. Беларусь была вымушана прыняць меры ў адказ, у тым ліку ў гандлёвай сферы. Прыпынена дзеянне Пагаднення з ЕС аб рэадмісіі.

Рэспубліка Беларусь працягвае выступаць за развіццё канструктыўных адносін з усімі міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку Еўрапейскім саюзам, і заклікае ЕС адмовіцца ад канфрантацыйнай, агрэсіўнай, ваяўнічай палітыкі, накіраванай супраць інтарэсаў народа Беларусі.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці