Заява МЗС Беларусі у сувязі з рэакцыяй ЕС на чарговую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў
09.08.2023 г.Заявы Высокага прадстаўніка Еўрасаюза Ж.Барэля, кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Балтыі і Польшчы, палітыкаў іншых дзяржаў ЕС з нагоды чарговай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне цалкам пабудаваны на заезджаных ілжывых абвінавачаннях у адрас Беларусі.
Відавочна, што ЕС ніяк не жадае змірыцца з тым, што тры гады таму сітуацыя ў Беларусі пайшла не паводле напісанага ў Бруселі сцэнарыя.
Вымушаны ў чарговы раз расчараваць спадара Барэля і іншых дзеячаў — заявы і недружалюбныя дзеянні еўрапейскіх чыноўнікаў не змогуць паўплываць на абраны Рэспублікай Беларусь самастойны шлях развіцця. Шлях міру і стварэння.
Нягледзячы на незаконныя санкцыі, закрыццё паветранай прасторы і блакіроўку межаў, інфармацыйны прэсінг, правакацыі з боку асобных членаў Еўрасаюза, Беларусь змагла захаваць і ўмацаваць сваю дзяржаўнасць, гарантаваць бяспеку і эканамічную стабільнасць. Беларуская мадэль паступальнага развіцця і асэнсаванай трансфармацыі грамадства даказала сваю стрэсаўстойлівасць і жыццяздольнасць.
Рыторыка і крывадушны клопат ЕС і яго краін-членаў аб беларускім народзе нікога не павінны ўводзіць у зман. Санкцыі ў адносінах да цэлых галін нашай краіны груба парушаюць сацыяльныя і эканамічныя правы, падрываюць звыклыя жыццёвыя асновы тысяч простых беларусаў.
Тупіковасць і адарванасць ад жыцця агрэсіўнай палітыкі, якая рэалізуецца еўраінстытутамі ў адносінах да Беларусі, становіцца ўсё больш відавочнай і грамадзянам самога ЕС. Разумныя галасы еўрапейцаў усё часцей прарываюцца скрозь татальную заходнюю цэнзуру. Хаваць ад еўрапейскай грамадскасці рэальны стан спраў у нашай краіне, якую можна наведаць і без афармлення візы, становіцца ўсё цяжэй.
Бруселю і іншым еўрапейскім сталіцам, якія падтрымліваюць у тым ліку незаконныя экстрэмісцкія фарміраванні з ліку беларускіх грамадзян, настаў час зразумець: Беларусь прадоўжыць кіравацца выбраным курсам, адстойваць незалежнасць і суверэнітэт краіны, абараняць мір на сваёй зямлі.
Заклікаем Еўрасаюз прызнаць і прыняць выбар беларускага народа і вярнуцца да прагматычнага дыялогу для рэалізацыі патэнцыялу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інтарэсах бяспекі і ўстойлівага развіцця ўсяго нашага рэгіёна.